Творы
Раманс |
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прывяла...
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца
У неба начное і зорку шукаў.
Ціхім каханнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ўжо доля такая ў нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
У сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Слуцкія ткачыхі |
Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
I цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна,–
I думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі;
Цямнее край зубчаты бора...
I тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага ўзора,
Цвяток радзімы васілька.
* * * |
Учора шчасце толькі глянула нясмела,–
I развеяліся хмары змрочных дум.
Сэрца чулае і млела, і балела,
Радасць душу мне шчаміла, быццам сум.
Усё жыццё цяпер, як лёгкая завея.
Кнігу разгарнуў – а не магу чытаць.
Як зрабілася, што пакахаў цябе я, –
Хіба знаю я? Ды і нашто мне знаць?
Вераніка |
(Вершаванае апавяданне)
Урывак |
Я на душы ўражлівай маю
Жыцця мінулага пячаць:
Схачу свой вольны верш пачаць –
I ўраз пра прошлае згадаю;
У даль вядуць мяне сляды
Да вас, дзіцячыя гады.
Устае перад маім паглядам
I вулка, веючая сном,
I ціхі старасвецкі дом
З цяністым, адзічэлым садам;
Над ім шпакоўніца ўгары
А ўкруг схіліўся тын стары.
Дом гэты да паноў Забелаў,
Суседзяў нашых, наляжаў;
Я змалку там штодзень гуляў,
З дзяцьмі іх лез на дахі смела,
Рваў яблыкі, рабіў садом
I крыкам поўніў цэлы дом...
А час усё каціўся далі,
Хаваючы на дне гадоў
I гарадкі і галубоў;
Мы непрыкметна падрасталі,
А іншы ўжо шчыпаў вусы
I лічыў іх гарой красы.
I толькі ўжо тады я ўгледзеў,
Што поруч, як цвяток лясны,
Узрасла ў красе сваёй вясны
Дачка самотная суседзяў.
I – помню я – тады жа ўперш
З маёй душы паліўся верш...
I прад высокаю красою,
Увесь зачараваны ёй,
Скланіўся я душой маёй,
Натхнённай, радаснай такою,
А ў сэрцы хораша было,
Там запалілася цяпло.
Дасюль яшчэ яно пылае;
Здаецца – ўмёрла, але ўраз
Праб’ецца зноў, і пройшлы час
Прад ім у згадках праступае,
Як пры агні ці цеплаце
Таемны подпіс у лісце.
I конь крылаты да Парнаса
Мой дух імчыць тады, каб я
Былое апяваў пасля.
Ды як знайсцці сляды Пегаса
На бруку места? Цяжка ўперш!
Спачынь жа трохі, вершы верш!
*** |
Iзноў пабачыў я сялібы,
Дзе леты першыя прайшлі:
Там сцены мохам параслі,
Вясёлкай адлівалі шыбы.
Усё ў пылу. стала мне
Так сумна, сумна ў цішыне.
Я ў сад пайшоў... Усё глуха, дзіка,
Усё травою зарасло.
Няма таго, што раньш было,
I толькі надпіс “Вераніка”,
На ліпе ўрэзаны ў кары,
Казаў вачам аб тэй пары.
Расці, ўзмацовывайся, дрэва,
Як манумент жывы, ўставай
I к небу надпіс падымай.
Хай нерухомы словы спева:
Чым болі сходзіць дзён, начэй,
Тым імя мілае вышэй.



