Аб музеі

Музей Максіма Багдановіча ў Гродне адкрыты ў 1986 годзе (вул. 1-га Мая,10), як літаратурны аддзел Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, у доме, у якім жыла сям’я Багдановічаў.

З 1 студзеня 1995 г. музей працуе як самастойная ўстанова культуры. З лютага 2010 года музей зарэгістраваны як асобная юрыдычная адзінка ДУК "Гродзенскі музей Максіма Багдановіча".

Літаратурны аддзел быў размешчаны ў 4-х пакоях дома (плошча экспазіцыі 56м²). У гэтым доме з 1892 па 1896 гг. жыў беларускі паэт М.Багдановіч (у 1965 годзе на доме была ўсталявана мемарыяльная шыльда.) Экспазіцыя літаратурнага аддзела знаёміла з выглядам Гродна канца ХIХ – пач. ХХ стагоддзяў. Тут былі змешчаны сямейныя фотаздымкі і асабістыя рэчы паэта, прыжыццёвы зборнік паэта “Вянок” (1913г.), а таксама перавыдадзены ў больш позні перыяд. Другі раздзел быў прысвечаны наведванню М.Багдановічам Ракуцёўшчыны. Экспазіцыя знаёміла з дзейнасцю газеты “Наша Ніва” і выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша аконца”. Таксама тут быў прадстаўлены мінскі перыяд жыцця і творчасці паэта і апошнія месяцы жыцця ў Ялце. У адным з пакояў быў узноўлены інтэр’ер кабінета– кватэры Багдановічаў.

Пры наданні музею статусу самастойнай адзінкі культуры плошча экспазіцыі пашырылася – на сённяшні дзень яна складае 150 м². У экспазіцыйных залах і фондах 13.697 адзінак захавання, у тым ліку 10.827 – асноўнага фонду (на 25.09.2007г.).
Экспазіцыя мае залы: партрэтная галерэя знакамітых людзей; літаратурна-грамадскі рух канца ХIХ – пачатку ХХ стагоддзяў; гродзенскі перыяд жыцця сям’і Багдановічаў.

Ёсць чатыры мемарыяльныя пакоі: кабінет бацькі, пакой маці, дзіцячы пакой, гасцёўня, а таксама аддзел “Гродзеншчына літаратурная: мінулае і сучаснае”.
Сярод экспанатаў музея – асабістыя рэчы паэта, дакументы, пісьмы і іншыя рэчы сям’і Багдановічаў, прадметы побыту канца ХIХ-га – пачатку ХХ ст., пісьмовыя сведчанні грамадскага і літаратурнага жыцця таго часу, літаратурная спадчына паэтаў і празаікаў Гродзеншчыны – М.Васілька, А.Карпюка, В.Быкава, Л.Ялоўчык, Д.Бічэль, Ю.Голуба, А.Пяткевіча і інш.